ТЭА́ТР АБСУ́РДУ,
адно з праяўленняў авангардызму ў зах. л-ры і т-ры 1950—60-х г. Заснавальнікі — С.Бекет і Э.І.Іанеска (гл. таксама Абсурду драма). Паняцце «абсурд» прыйшло з філасофіі экзістэнцыялізму і асэнсоўвалася як нешта ірацыянальнае, пазбаўленае сэнсу і лагічнай сувязі з тэкстам або сцэн, увасабленнем. Элементы Т.а. прасочваюцца ў тэатр. формах і традыцыях задоўга да ўзнікнення абсурду 1950-х г. (фарс, гратэскныя інтэрмедыі У.Шэкспіра і т-ра рамантызму, камедыя дэль артэ і інш.). Эстэтычна абапіраецца на прынцыповы разрыў з мінулай традыцыяй — «антытэатр», які ўзнік як антытэзіс класіцысцкай драматургіі, эпічнай сістэме Б.Брэхта і рэалізму нар. т-ра і змяшчаў пафас пратэсту супраць мяшчанскай рэчаіснасці і маралі. Абсурд існуе ў некалькіх праяўленнях: нігілістычны — тэкст не нясе ніякай інфармацыі (Іанеска, В.Хільдэсхаймер); сатыр., асн. прыём якога — гратэск, пародыя (Ф.Дзюрэнмат, Г.Грас); як структурны прынцып адлюстравання сусветнага хаосу, негарманічнага вобраза чалавецтва (Бекет, А.Адамаў). Атрымаў развіццё таксама ў творчасці драматургаў-абсурдыстаў В.Гавела, С.Мрожака, Ж.Жэнэ, Х.Пінтэра і інш. Уплывае на стыль сучасных твораў і пастановак.
т. 16, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)